Дзмітрый Бачкоў: “Запыт і адказнасць”
Информация / Новости Кричева 9.09.2019, 08:35 0
Учора на базе КСУП “Добрасць”, каля летняй дойкі за вёскай Дарагая, прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое правёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў.
Развіццё жывёлагадоўчай галіны і цяперашні яе стан – вось асноўнае пытанне больш за дзвюхгадзіннай размовы са спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, раённых служб, кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі сельскагаспадарчых арганізацый. Размовы прынцыповай, патрабавальнай, з дачай адзнакі кадрам раённага звяна і кіраўнікам гаспадарак.
Сённяшняе становішча спраў у жывёлагадоўчай галіне раёна не дае ніякіх падстаў быць задаволеным. Паказчыкі вытворчасці і рэалізацыі малака, яго таварнасці, сярэднясутачных прываг на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы – не тыя, што можа мець Крычаўскі раён.
У чым прычыны, што перашкаджае гаспадаркам дынамічна развіваць жывёлагадоўлю? Адказы на гэтыя пытанні спрабавалі даць галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу, раённай ветэрынарнай службы, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Прывесці штосьці з іх выступленняў не атрымоўваецца – няма дакладнасці, канкрэтыкі, рэальных прапаноў на дадзены момант. Як кажуць, набор агульных фраз, а некаторыя з кіраўнікоў абмежаваліся кароткай фразай: “Выправім становішча”. Якім чынам – гэта ўжо пытанне іх адказнасці.
На думку намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігара Мяцеліцы, кіраўнікам гаспадарак трэба ўшчыльную заняцца жывёлагадоўляй. Павелічэнне вытворчасці малака, мяса – іншага выйсця няма, няма іншых крыніц паляпшэння фінансавага становішча сельгасвытворцаў. А для гэтага, у першую чаргу, трэба дабіцца строгага захоўвання тэхналогіі на кожным вытворчым участку. Сачыць за тэхналагічным працэсам павінны спецыялісты на месцах, а не ўсе з іх, на жаль, дакладна валодаюць сітуацыяй. Вось і пацягнецца ланцужок недапрацовак – недагледзеў, недакантраляваў, прапусціў, не заўважыў… У выніку – недаатрыманне прадукцыі, зніжэнне яе якасці.
Адсутнасць сістэмнасці, у тым ліку і ў плане кантролю, планавасці і аналізу ў жывёлагадоўлі гаспадарак – гэта таптанне на месцы: то ўзлёт, то падзенне, а рэзультат у выніку застаецца ранейшым.
“Нізкія паказчыкі жывёлагадоўчай галіны ў гаспадарках – гэта не выпадковасць, а заканамернасць. Таму што не працуюць кадры на месцах, — рэзюмаваў глава раёна Дзмітрый Бачкоў. – Павінны быць запыт і адказнасць”.
На гэтым і будзе будавацца далейшая работа ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. І кіраўнік гаспадаркі – аснова, разам з камандай спецыялістаў. Не будзе каманды – не можа быць і рэзультата.
Кадравае забеспячэнне сельскагаспадарчых арганізацый, правядзенне атэстацыі кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, распрацоўка ўмоў аплаты працы (а па верасні ўмовы аплаты павінны быць новымі), разлікі з банкамі па ўзятых крэдытах, развіццё і стымуляванне настаўніцтва для маладых кадраў сяла і іншыя напрамкі таксама былі абмеркаваны ў час пасяджэння. Гаспадаркам у найбліжэйшы час, пад асабістую адказнасць кіраўнікоў, даручана распрацаваць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы і інш.
Таццяна Іўкіна.
Источник: