QR-код адреса статьи


Новыя ідэі для развіцця прадпрыемстваў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе сельскагаспадарчую галіну краіны на развіццё новых напрамкаў. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў у час наведвання сельгаспрадпрыемства «Газавік-Сіпакова» ў аграгарадку Дабрэйка Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БелТА.

Наведваючы гаспадарку, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся спецыялізацыяй прадпрыемства, перс­пектывамі яго развіцця. Дырэктар «Газавіка-Сіпакова» Вадзім Гарбіна расказаў, што прадпрыемства займаецца вытворчасцю мяса-малочнай прадукцыі і мае намер пашыраць гэты напрамак. Праз год-два тут плануюць вырабляць рапсавы алей, пакуль гэту культуру толькі вырошчваюць і затым прадаюць іншым гас­падаркам.
Прэзідэнт адзначыў, што на фоне іншых прадпрыемстваў у вобласці «Газавік-Сіпакова» працуе добра, але трэба развіваць новыя напрамкі. «Патрэбна адметнасць у кожнай гаспадарцы, як даўней працаваць нельга — гэта бяда, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Трэба не толькі генерыраваць новыя ідэі, але і ствараць новыя напрамкі развіцця».
Вырабляць, звярнуў ён увагу, трэба запатрабаваную на рынку прадукцыю: калі, напрыклад, попытам карыстаюцца брусніцы ці грыбы, трэба заняцца іх вырошчваннем. «Вам трэба падумаць аб сур’ёзных перс­пектывах. Так, гэта паўночныя рэгіёны, тут, напэўна, лазу вінаградную не пасееш, імпартазамяшчэннем займацца не бу­дзеш. Але ўсё роўна па імпарце мы шмат чаго завозім», — адзначыў Аляксандр ­Лукашэнка.
«Яго ўзровень развіцця такі, што ён павінен не проста ўзараць, пасеяць, камбікармы вырабіць, аддаць каровам, перапрацаваць быкоў на мяса, а ад кароў атрымаць малако. Гэта элементаршчына. Пры такой ужо базе трэба думаць, як апрацоўваць пойму Дняпра, якіх баранаў, авечак на гэтай пойме гадаваць, — сказаў Прэзідэнт. — У гэтым сутнасць развіцця сельскай гаспадаркі і ў гэтым сутнасць сказанага ў Баранавічах. Усё, традыцыйна працаваць забылі — гэта павінна працаваць аўтаматам. Трэба ствараць новае».
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся зарплатамі на прадпрыемстве. Яму далажылі, што ў мінулым годзе сярэдняя заработная плата ў гаспадарцы склала амаль Br900. Акрамя таго, работнікам прадастаўляюць добры сацыяльны пакет. На думку Аляксанд­ра Лукашэнкі, гэта добры ўзровень зарплаты для вёскі.
Прадпрыемства «Газавік-Сіпакова» з’яўляецца філіялам РУП «Магілёўаблгаз», якое часткова падтрымлівае гаспадарку. Аднак яно ў бліжэйшыя гады мае намер выйсці на самафінансаванне. Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць вопыт замацавання гаспадарак за буйнымі прадпрыемствамі: «Будзе складана без прамысловасці выцягнуць сельскую гаспадарку. Трэба яшчэ раз рэвізію правесці. І мне асабіста далажыце, дзе пойдзем такім шляхам».
Прэзідэнт пацікавіўся работай і іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, у тым ліку «Купалаўскага» і «Александрыйскага». Ён падкрэсліў, што не задаволены развіццём сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці і паабяцаў прыняць строгія меры. «У вас правал па ўсіх напрамках. І пры тым не на паўпрацэнта-працэнт», — канстатаваў ён.
У «Газавік-Сіпакова» Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з гатоўнасцю тэхнікі да палявых работ, умовамі яе захоўвання і абслугоўвання, паразмаўляў з механізатарамі і наведаў некалькі рамонтных цэхаў.

Кричевская Жизнь (Новости)


© 2012 - 2020 Мстиславль info, All rights reserved.

Контакты для связи: mail@tcse-cms.com


Вернуться назад