Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў працаўнікам ААТ «Белгіпс» аб падрыхтоўцы да 75-годдзя Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БелТА.
Работнікі прадпрыемства пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці не згубіцца ў негатыўным інфармацыйным патоку тэма святкавання юбілею Вялікай Перамогі. Кіраўнік дзяржавы запэўніў: «Не, не згубіцца». Паводле яго слоў, падрыхтоўка ў краіне прадаўжаецца, і ніякія запланаваныя мерапрыемствы не адмяняюцца.
Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму паездкі на парад, які намечаны ў Маскве на Краснай плошчы: «У мяне часта пытаюцца – а вы паедзеце на парад у Маскву? Вядома. Калі ўжо з Беларусі ніхто не прыедзе ў Маскву, то хто ж тады паедзе. Зразумела, што з Украіны ніхто не паедзе».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на запланаваныя ў той жа час у нашай краіне святкаванні: «У мяне адна праблема: у нас гэтакія ж мерапрыемствы і вось мы думаем, як зрабіць так, каб я змог пабываць там. Але я не ведаю, зыходзячы з таго, што ў іх адбываецца і гэты псіхоз іх ахапіў (у сувязі з каранавірусам. – Заўвага БелТА), ці будуць яны праводзіць гэтыя мерапрыемствы. Мы пакуль нічога не адмяняем, у нас будуць усе запланаваныя мерапрыемствы».
Нараўне з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трэба агульнымі намаганнямі добраўпарадкаваць тыя мясціны ў краіне, якія так ці інакш звязаны з ваеннымі падзеямі, помнікі і абеліскі, а таксама ў цэлым навесці парадак на тэрыторыі сваіх прадпрыемстваў, як у нас гэта звычайна робіцца вясной.
«Мы павінны гэта зрабіць і на самым высокім узроўні правесці гэта мерапрыемства, каб і дзеці нашы, і ўвесь свет бачыў – мы помнім. Таму што Беларусь – гэта жывы помнік той страшнай вайны, – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. – Больш, чым Беларусь, ніводная краіна не пацярпела. Так было. Наша краіна была сцёрта з зямлі, у нас кожны трэці чалавек загінуў, і шмат людзей калекамі вярнуліся з вайны». «Таму Гасподзь нас павінен берагчы ад каранавіруса, мы ўжо шмат насельніцтва страцілі», – дадаў Прэзідэнт.
«Вы не хвалюйцеся, гэта не самая вялікая праблема для Беларусі – зрабіць так, каб аб гэтай вайне не забылі», – рэзюмаваў ён.
Источник:
© 2012 - 2020 Мстиславль info, All rights reserved.
Контакты для связи: mail@tcse-cms.com