QR-код адреса статьи


«Вы нас не чапайце! Скончыцца, паглядзім, хто мае рацыю» – А. Лукашэнка папракнуў расійскія СМІ ў прадузятасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракнуў расійскія СМІ ў прадузятым асвятленні мер па барацьбе з каранавірусам, што прымаюцца ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БелТА.

«Хацеў бы яшчэ раз закрануць пытанне СМІ. Нядрэнна пачалі працаваць нарэш­це і беларускія СМІ. Я ўчора глядзеў падагульняючыя праграмы па ўсіх каналах. Вельмі аб’ёмна. Нават ва Уладзіміра Сцяпанавіча (міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. – Заўвага БелТА) забралі работу. Ужо так растлумачылі ўсё і пра маскі, і пра бахілы, і лячэнне, што толькі сядзі дома і лячыся, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мне шмат гавораць, што мы там прайграём Telegram-каналам і іншае. Так, напэўна, там бруду больш, чым нашых галасоў – афіцыйных улад. Хаця інфармацыі не скажаш, што не хапае. Але я так падумаў, ну што нам, піярыц­ца і пачынаць ствараць нейкія Telegram-каналы і там якую-небудзь паўжоўтую інфар­мацыю ўкідваць, каб там прысутнічаць… Напэўна, гэта не наш шлях».

Аляксандр Лукашэнка падкрэс­ліў, што для тых, хто хоча пачуць прафесійны пункт гледжання, інфармацыі дастат­кова: «Кожны дзень мы, нічога не ўтойваючы, выдаём у эфір. Выступаюць медыкі, спецыяліс­ты, прафесіяналы. Дайшлі да таго, што ўжо ўрачы-пульманолагі ­выступаюць».
Разам з гэтым Прэзідэнт у негатыўным ключы выказаўся аб тым, як асвятляюць падзеі ў Беларусі ў расійскіх медыя, прытым не толькі ў ананімных Telegram-каналах, але і ў агульнарасійскіх СМІ. «Даюць такую гадкую інфармацыю. А, бацька там лечыць сваіх трактарам, гарэлкай, лазняй… Ведаеце, некалі я пажартаваў. Але ў кожным жарце ёсць доля жарту», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Расіянам хацеў бы сказаць – гэтым, якія «плявузгаюць»: не чапайце нас! Мы ж у іх нічога не просім. Мы ратуемся, абараняем­ся самі. Прыязджайце да нас, паглядзіце самі. Але навошта ж вы нас у Расіі робіце дурнямі? Навошта рускаму чалавеку ўбіваць у галаву, што там, на Захадзе, нашы гэтыя беларусы, яны нейкія ненармальныя?» – паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
«Прытым тут ужо не адбрыкаешся, што гэта некіруемыя каналы. Вось мне нядаўна паказалі чарговы раз нейкага Кляймёнава, які там на Расію выдаваў, што ў нас і захворван­ні, і ўтойваюць інфармацыю… Ну і нашы пачалі падхопліваць. Мы запрасілі Сусветную арганізацыю аховы здароўя. А слабо ўсім паклікаць спецыялістаў у краіну? Расіянам, амерыканцам (ад сусветнай арганізацыі). І вось гэтак сказаць: ідзіце і паглядзіце, як у нас яны былі. І што яны (СААЗ. – Заўвага БелТА) сказалі – прэтэнзій да беларусаў няма», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Так, ёсць рэкамендацыі: не хадзіце натоўпам, не трыцеся адзін аб аднаго, не цалуйцеся, не абдымайцеся і іншае. Мы ўспрымаем гэтыя рэкамендацыі. Але што мы робім няправільна і дзе мы хлусілі? Публіч­на сказалі, што ні Міністэрства аховы здароўя, і ўлады тут не хлусілі. Мы адкрыты – прыходзьце і глядзіце. Мы робім гэта для сваіх людзей. Але расіяне нам не чужыя. Мы гатовы з імі сустракацца, раіцца», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што калі ў Расіі сапраўды хочуць неяк дапамагчы Беларусі, то маглі б знізіць да сусветнай цану на пастаўляемы прыродны газ: «Калі хочаце дапамагчы, зрабіце нам сусветную цану па газу. Сёння ў Еўропе прыродны газ Расія прадае па $80, не вышэй як $90 за 1 тыс. куб.м. А мы плацім $127. Дзе такая цана сёння ёсць? Вось хочаце дапамагчы, дапамажыце. Ні грошай, нічога не просім. Навошта з нас шкуру драць?»
«Але пра гэта ў Расіі ніхто не скажа. Гэта праўда камусьці там не патрэбна. Здагадайцеся з трох разоў, каму. Таму яшчэ раз паўтараю: вы нас не чапайце! Скончыцца гэта ўсё, потым мы паглядзім, хто мае рацыю, а хто не», – дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў кіраўніку Адмініст­рацыі Прэзідэнта аб задачы спыняць у Беларусі ўсялякія спробы хайпаваць на тэме каранавіруса. «І сваіх трэба кант­раляваць. І Камітэту дзяржбяспекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфар­мацыі няхай глядзіць за ўсімі. Калі пабывалі тут міжнародныя эксперты, іх паменшылася – такіх смелых, якія хайпавалі ў інтэрнэце на гэтай бядзе. Але яшчэ яны ёсць. Іх трэба ставіць на мес­ца. І не баяцца, што нас абвінавацяць ў нейкай недэмак­ратычнасці. Пройдзе гэта ўсё, і мы паглядзім, хто нагнятае псіхоз», – сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ёсць у свеце СМІ і палітыкі, якія хайпуюць на гэтай тэме, і папярэдзіў, што ў Беларусі так не робяць. «Мы гэта не рабілі. І я вас заўсёды папярэджваў, што не трэба гэтага рабіць. Таму што потым сорамна будзе сваім людзям глядзець у вочы. Палітыка, якая зыходзіць ад зямлі, ад людзей, і мы гэтай палітыкі павінны прытрымлівацца, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Мы выпрацавалі сваю тактыку барацьбы з гэтымі інфекцыйнымі захвор­ваннямі. Мы, не разваліўшы сістэму, маем інфекцыйныя бальніцы ад раёнаў да Мінска, навукова-практычныя цэнтры. Яны аснашчаны. Гэта нас сёння выратоўвае».
«Давайце будзем спакойна жыць, займацца сваёй справай, гадаваць дзяцей і думаць пра будучыню. А мы зробім усё для таго, каб кожны чалавек захаваў сваё жыццё. Асабліва цяпер, каб даказаць, што мы можам змагацца за чалавека і перамагаць гэту заразу. Як я сказаў, прыгожа перамагаць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што ў ліку пытанняў, якія абмяркоўваюцца на нарадзе, не толькі тыя, якія звязаны з хваробамі, але і перспектыўныя тэмы, якія трэба вырашаць. Акрамя таго, у краіне набірае абароты пасяўная кампанія. «Людзі працуюць так, як трэба. Малайцы. Але, тым не менш, мы павінны бачыць перспектывы, што будзе заўтра-паслязаўтра, калі гэта ўсё скончыцца», – рэзюмаваў Прэзідэнт.

 

Кричевская Жизнь (Новости)


© 2012 - 2020 Мстиславль info, All rights reserved.

Контакты для связи: mail@tcse-cms.com


Вернуться назад