QR-код адреса статьи


Дзеці вайны ўспамінаюць…

З Аляксандрам Іванавічам Мініным знаё­мы з падлеткавай пары, калі пасля сваіх сямігодак (Кашанскай і Баеўскай) прыйшлі ў восьмы клас Маляціцкай сярэд­няй школы… Цяпер зрэдку сустракаемся, з прыемнасцю гутарым, абменьваемся думкамі па самых розных пытаннях жыцця. Бывае, што і спрачаемся. Ды гэта, так сказаць, у лёгкай сяброўскай форме. Успамінаем і мінулае, і, вядома ж, часы цяжкага ваеннага ліхалецця…
Ён неяк запытаўся ў мяне, што асабліва асела, затрымалася ў памяці аб тым часе, якія ўражлівыя малюнкі, эпізоды помняцца і ці часта ў перыяд акупацыі бачыў чужынцаў?
І я пачаў з апошняга. Захопнікі рэдка заяз­джалі ў нашу Ліпаўку. Пэўна, таму, што яна была невялікая і знаходзілася каля самага лесу, якога пабойваліся немцы. Ды і памагатых фрыцам не было. Паліцаі і старасты жылі ў вялікіх населеных пунктах.
Але ж, зразумела, заглядвалі і да нас. Першы раз – калі партызаны ўзарвалі цягнік з жывой сілай і ваеннай тэхнікай на перагоне Крычаў-Маляцічы. Гэта насуп­раць вёскі Ермакоўка. А ад Ліпаўкі да таго месца крыху больш кіламетра. Тады па нашай вёсцы прайшлі з аўтаматамі нем­цы, з грукатам заходзілі ў хаты, злосна штосьці балбаталі. Хаты былі пустыя, дарослыя схаваліся ў лесе, а мы, дзеці, прытаіліся ў кусціках за хатамі і ўздрыгвалі, калі раздаваліся выстралы…
Яшчэ раз нечакана да вёскі пад’ехалі чужынцы, якія былі ў чорнай форме. Пасля дарослыя гаварылі, што гэта былі фіны. Яны пакінулі машыну каля першай хаты, а самі пайшлі агародамі. Многа чаго знайшлі ў канапляных зараслях, якія былі амаль у кожным агародзе. І ў нашым канапляніку адшукалі і забралі трубку льнянога палатна і нейкія грошы. У кожнага штосьці забралі. Цэлую машыну нагрузілі розных рэчаў. Чамусьці зрашэцілі з аўтаматаў глухую сцяну ў хаце дзеда, Івана Нестаравіча Садомава, з рогатам селі ў машыну і паехалі…
Аднойчы мы з сястрой Ленай і меншым братам Пецем гулялі ў бабулі Кузьміхі. Яна глянула ў акно і спалохана сказала: “Ай, немцы, хавайцеся!”. Я юркнуў пад ложак, сястра – за мной. А немец у гэты момант на парог і, пэўна, заўважыў, як варухнулася посцілка. Ён крыкнуў: “Партызан!”. І наставіў пад ложак аўтамат. Добра, што бабуля аказалася побач і хуценька ўзняла саматканку, а то мог бы загубіць дзяцей. Бачылі іх і яшчэ…
А самая горкая сустрэча з чужынцамі, вядома ж, была ў канцы верасня 43-га года. Два факельшчыкі, злыдні, губіцелі, з перакошанымі ад злосці тварамі спаль­валі нашу вёску. Самы роспачны, горкі і жудасны малюнак – у полымі наша хата. І яшчэ адзін жудасны – сівы попел на мес­цах пабудоў. Пры адступленні ліхадзеі спалілі амаль усю нашу вёску, уцалелі ўсяго дзве хаты. Усюды чуліся плач, крыкі, праклёны нелюдзям, прынёсшым столь­кі гора і пакут нашым людзям. У нашай мамы – трое малалетніх дзяцей і яе старэнькая нямоглая маці, у іншых сем’ях – і па чацвёра дзяцей. Ні кала, ні двара. Усё згарэла – і жыллё, і прадукты, і адзенне… А як жыць?
Выжылі. Бяда, гора нібыта больш аб’ядналі людзей, раскрылі іх дабрыню, спачуванне. Родзічы, іншыя спагадлівыя людзі з суседніх вёсак пацясніліся, прытулілі, абагрэлі тых, хто трапіў у бяду. Словам, не спасавалі перад цяжкасцямі, працавалі, вучыліся, верылі ў перамогу, лепшае жыццё…
А каварнага ворага пагналі на Захад і перамаглі. Крупінка ў перамозе ёсць і нашага бацькі, Нікіфара Максімавіча Салаўёва. Загінуў ён у Польшчы 16 сакавіка 45-га года. А яго ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені сям’я атрымала пасля вайны. І вось нядаўна добры чалавек, пенсіянер, былы работнік Крычаўскага райвыканкама Васіль Захаравіч Матыскін, які ўжо шмат гадоў робіць вельмі патрэбную, удзячную справу, бескарысліва займаючыся пошукамі загінуўшых і прапаўшых без вестак воінаў, паведаў мне прыемную навіну. Праз інтэрнет ён адшукаў дакументы аб тым, што мой бацька быў узнагароджаны яшчэ і ордэнам Славы 3-й ступені. Вялікі дзякуй, Васіль Захаравіч!
Мы, дзеці, вельмі ганарымся сваім баць­кам, які разам з іншымі воінамі муж­на змагаўся супраць ворага, вызваляючы свой родны край ад фашысцкай навалы, забяспечыўшы мір на зямлі.
…Такія ж пытанні, якія ён мне, я задаў і яму, Мініну. Аляксандр Іванавіч сказаў, што ў яго былі большыя магчымасці, чым у мяне, адчуць и зведаць жыццё вяскоўцаў у часы акупацыі нашай зямлі чужынцамі. І перш за ўсё таму, што іх вёска Глупікі-1 значна больш нашай. Да вайны ў ёй наліч­валася звыш сарака двароў. Да таго ж, недалёка, амаль такая ж па колькасці двароў, размешчана і вёска Глупікі-2. Іх раздзяляе невялікая рачулка, праз якую зроблены мост. Дарэчы, пазней іх перайменавалі, і яны сталі вёскамі Мірная-1 і Мір­ная-2. За другой вёскай праходзіў шлях. Па ім заўсёды штосьці рухалася: падводы, людзі, машыны. У той вёсцы жылі яго цёткі Антаніна і Аляксандра. У іх ён часта гасцяваў, бо былі добрыя, уваж­лівыя да яго.
Дык вось, кажа ён, немцы іх вёску не забывалі. Дзе ж ім было браць і папаўняць прадуктовыя запасы, калі не ў людзей. Прытым, бралі, не пытаючы згоды гаспадароў. Праўда, сталі радзей заязджаць, калі спалілі мост праз рачулку. Казалі, што гэта ноччу ўчынілі партызаны. Але ўсё роўна сюды дабіраліся.
Аднойчы, успамінае Мінін, яны гулялі на вуліцы. А Міша Цімашэнка, самы большы з усіх дзяцей, пасвіў на мураўцы свайго парсюка. Ён першы ўбачыў грузавую машыну, якая павольна рухалася па вуліцы ў іх бок. Папрасіў яго, каб паглядзеў парсюка, а сам хуценька пабег у хату.
“Кабан, — згадвае Аляксандр, — быў вялікі, амаль упоравень са мной. Я яго гладзіў, чухаў ля вуха, і ён спакойна стаяў, задаволена парохкваў. Машына спынілася. З кабіны вылез немец, узяў мяне за руку і адвёў ад кабана ўбок. А другі, што быў з закасанымі рукавамі, стрэліў у парсюка. Я спалохаўся і, плачучы, пабег да мамы, якая нешта рабіла за хатай у агародзе. Людзі казалі, што ў той дзень чужынцы застрэлілі і забралі ў вяскоўцаў не менш дзесяці свіней”.
Звычайна яны прыходзілі ў хату і балбаталі: “Давай, матка, яйка, сала, млека”. І давалі. Замардавалі ўсіх. Неяк маці ўбачыла, расказвае Мінін, што “госці” завярнулі ў наш двор, ды ўжо другі раз у гэты дзень. Схапіла мяне на рукі і насустрач ім. На іх завучаную фразу-патрабаванне сказала: “Няма, паночкі, няма, злітуйцеся!”. Яны са злосцю паглядзелі на маму і пайшлі ў агарод. Пазразалі нажамі з дзвюх градак фасолю, якая к таму часу паспела ўжо, напакавалі струкамі цэлы вялікі мяшок.
Адзін раз бычылі, як конныя паліцаі па дарозе ў бок Баеўкі гналі вялікі статак кароў. Куды і для каго – ніхто не ведаў. Чуліся крыкі, лаянка. І раптам з-за кустоў застрачыў кулямёт. Стварылася сумятня. Гнаўшыя жывёлу разбегліся, уцякалі хто куды. І каровы разбрыліся ў розныя бакі.
“Усяго адзін раз я бачыў, — сказаў Аляк­сандр, — як немцы смяяліся. Мы з Анькай, сусед­кай, якой было, як і мне, гадоў пяць, гулялі ў нас у хаце. Пачулі, што яны ідуць, і схаваліся на канапцы за шторай. Анька села мне на калені і прытулілася. Я абхапіў яе рукамі. Нем­цы адкрылі шторку, убачылі спалоханых “закаханых” и доўга смяяліся”.
…Усе вяскоўцы радаваліся, калі чужын­цы адступалі. Яны рухаліся суцэльнай бяскон­цай калонай. Цягнулі гарматы, ехалі матацыклы, машыны з салдатамі. А праз нейкі час прыйшлі і нашы. У тых Глупіках абсталявалася лётная часць. Парабілі зямлянкі, падрыхтавалі лётную пляцоўку. Жылі ў зямлянках, а некаторыя вайскоўцы – у хатах сялян. Амаль кожны дзень самалёты ляталі бамбіць варожыя пазіцыі. Ніколі не забыць, як праводзілі лётчыкаў, якім прадстаяла ўзнімацца ў неба. Яны абдымаліся, цалаваліся, у вачах стаялі слёзы. Ведалі: не ўсе вернуцца з баявога задан­ня. Многія вяскоўцы, асабліва жанчыны, не хавалі слёз. Плакалі і мы, дзеці. І вельмі ж радаваліся, калі з задання вярталіся без страт…
А аднойчы вяскоўцы даведаліся, што лётная пляцоўка апусцела. Самалёты перагналі на новае месца, бліжэй да фрон­ту, які ўжо быў пад Чавусамі. Засталіся зямлянкі, адна вялікая, дзе размяшчаўся ленпакой. Ён быў добра, прыгожа абсталяваны. “Мы, дзеці, — расказвае Мінін, — яшчэ не раз сюды прыбягалі, каб пагуляць. Пакінулі пілоты і сваю лазню, якую вельмі ўмела абсталявалі. Ёю карысталіся яшчэ гадоў дзесяць сяльчане, успамінаючы добрым словам вайскоўцаў”.
Быў і такі выпадак. На старую лётную пляцоўку ў вячэрні час прызямліўся самалёт. Ваенны лётчык, звалі яго Аляксеем, расказаў, што ён, выканаўшы складанае заданне, убачыў: дацягнуць да аэрадрома не хопіць паліва. А на старым, успом­ніў, засталося яго цэлая бочка. Вось і рызыкнуў. Дапамог яму адшукаць бочку і заправіць самалёт баць­ка Аляксандра, Іван Мікалаевіч Мінін, які ў гэты дзень аказаўся дома. Яго на пару дзён адпусціў дамоў камандзір роты. І вось раніцай, пераначаваўшы ў цёплай хаце, малады пілот паспяхова ўзняў у паветра баявую машыну і ўзяў кірунак на Захад…
Фронт пад Чавусамі стаяў каля дзевяці месяцаў. Баі то заціхалі, то ўсчыналіся зноў. Часам не хапала зброі. У адной з атак Івана Мікалаевіча цяжка параніла ў плячо. Доўга лячыўся ў шпіталях. Левая рука амаль не згіналася, стала як нежывой. Пасля вайны ён працаваў у калгасе і брыгадзірам, і бухгалтарам, і лесніком, і старшынёй. У апошнія гады цяжка хварэў, памёр у 63 гады. А мама, Лідзія Іванаўна, палявод, пражыла 70 гадоў.
…Летась каля Кургана Славы была адкрыта Алея Памяці воінам Крычаўшчыны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна створана па ініцыятыве раённага савета ветэранаў, раённага Савета дэпутатаў і пры садзейнічанні раённага выканаўчага камітэта, з удзелам жыхароў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. Гэта сапраўды знакавая падзея, вельмі прыемная для ўсіх нас. На ўстаноўленых плітах з чорнага мармуру ўвекавечаны імёны 3,6 тысячы жыхароў горада і раёна, якія загінулі ў бітвах з ворагам за незалежнасць сваёй Радзімы. Сярод іх і прозвішча майго бацькі, а так­сама роднага дзядзькі Паўла Барысава, дваюрадных – Васіля і Сяргея Барысавых, Мікіты Юрчанкі, некалькіх аднавяскоўцаў.
Прыходзяць людзі сюды, асабліва многа бывае ў святы, ускладваюць кветкі, з удзячнасцю ўспамінаюць тых, хто прагнаў чужынцаў з роднай зямлі, хто аддаў жыц­цё ў жорсткіх бітвах з ворагам дзеля перамогі, міру і шчасця нашых людзей.
Іван САЛАЎЁЎ,
пенсіянер.

Кричевская Жизнь (Новости)


© 2012 - 2020 Мстиславль info, All rights reserved.

Контакты для связи: mail@tcse-cms.com


Вернуться назад