QR-код адреса статьи


У вайну яны былі падлеткамі

У вайну яны былі падлеткамі і ўспрымалі яе яшчэ па-­дзіцячаму. Цяпер гэтым пажылым людзям успамінаецца ўсё перажытае асаблівымі кадрамі: то страшнымі, то сумнымі, то смешнымі.

Ганна Іванаўна:
– Было гэта ў пачатку вайны, калі немцы падыходзілі да Крычава. Выйшла я на вуліцу – ціха. Немцаў яшчэ нідзе не бачна. Гляджу, сяброўка мая з гітарай бяжыць. Я пытаюся: “Дзе ты гітару ўзяла?”. А яна мне кажа: “Бяжы хутчэй на пасёлак. Там магазін разбамбіла, і ўсе цягнуць, хто што”.
Я хуценька паклікала сваю стрыечную сястру, паімчалі мы з ёй. Падбягаем да магазіна: вокны разбітыя, людзі туды скачуць. А я, калі скокнула, нагу аб шкло парэзала, басанож была ж. Кроў залівае, што рабіць? Убачыла панчохі на паліцы, адразу некалькі штук нацягнула на парэзаную нагу і пабегла хапаць. Туды-­сюды, а ўжо і няма чаго ўзяць – размялі амаль усё. Праўда, гітару паспела схапіць, люстэрка, ляльку і скрыначку ружовых гузікаў. Назад калі беглі, то страш­на было, амаль паўзлі, таму што недзе блізка ўжо бамбілі.
Ляльку, памятаю, сястры малодшай аддала. На гітары потым граць навучылася, ужо пасля вайны. Люстэрка і цяпер яшчэ вісіць, не разбілася. А гузікі ружовыя ўся наша вёска Варанёва прышывала ўсю вайну і пасля вайны яшчэ доўга.
А калі ўжо немцы размясціліся ў вёсцы і на пасёлку, то сталі нас, падлеткаў, на работу зганяць. Помню, пастрояць нас, дзяўчынак, у шэрэнгу і выбіраюць, каго куды: на кухню, месці ў стаянях, бялізну мыць, а зімой – на расчыстку снегу. Мы са стрыечнай сястрой на кухні больш працавалі. Цыбулю ўсё чысцілі, і слёзы каціліся градам. А нейкі час яйкі ў скрыні складвалі, у салому. Была сярод нас адна сяброўка крыху старэйшая за нас, вясёлая такая і смелая. Вось яна і кажа: “Піце, дзяўчаткі, яйкі, толь­кі дзірачку вялікую не рабіце, і кладзіце іх дзірачкай уніз, як цэлыя”. Тут мы і пачалі іх піць. Колькі я выпівала яек за дзень, не ведаю. Але толькі так растаўс­цела, што немец, які нас на гэтую работу ставіў, аднойчы праходзіць каля мяне і кажа: ”Анхен нікс шэйн – цудык”. А мову мы іх ужо разумелі. Ён сказаў: “Ганна непрыгожая – тоўстая”.
А праз нейкі час усё ж даведаліся нем­цы, што мы яйкі п’ём. і вось мяне, я, відаць, больш за ўсіх піла, і тую дзяўчыну, што ідэю пра яйкі падала, нас абедзвюх да канца работы – пад канвой і прама на станцыю да эшалона, які ў Германію адпраўляўся. Падвялі нас да вагона. А праваднік быў украінец, ён і кажа нам: “Скажыце, што вы паедзеце ў Гер­манію, але толькі вам трэба апрануцца і ўзяць на дарогу ежу”. Так мы і сталі казаць канваіру. Тады ён павёў нас да школы, дзе быў часовы перасыльны лагер, і здаў нас вартавому. У гэтым лагеры мы пабылі недзе два дні. А потым нас маці нашы выплакалі і выкупілі. Але ўжо пасля гэтага я на вуліцы баялася паказвац­ца і доўгі час апраналася пад бабулю: спадніца доўгая, хустка на вочы, сагнуся і ўсё пакырхваю, нібыта сухоты ў мяне.
А яшчэ я набралася страху, калі нем­цы адступалі. Дом наш быў побач з вадакачкай, якая падавала ваду з Сожа да паяздоў. Там увесь час дзяжурылі нем­цы. І вось адзін немец, відаць, даўно мяне прыкмеціў, і калі пачалі адступаць, ён пад’язджае на матацыкле да нашай хаты і кажа, паказваючы на мяне: “Ком, паненка, Германію”. А мы, наша сям’я ды яшчэ цётка мая з дзецьмі, усе ў лес, у бежанцы збіраліся. Я тады, нічога не кажучы ўсім сваім, кажу немцу: “Гут, айн момент”, маўляў, добра, адну хвіліну. Сама ж пайшла ў дом, адчыніла вакно ў агарод, выскачыла і схавалася ў суседскім хляву ў сена. Колькі я там прасядзела, не ведаю, але калі прадзіравіла рукамі саламяны дах, то ўбачыла, што хата наша гарыць. Я падумала, што, відаць, усіх нашых немец забіў і дом падпаліў.
Пабегла я па гароду ўніз, да ракі. Там, у зямлянцы, была мая хросная маці, інвалід на мыліцах. Яна мне сказала: “Бяжы да броду і ў лес. Тут табе заставацца нельга. Нядаўна два немцы сюды прыходзілі, цябе шукалі і ўсю ежу ў мяне забралі”. Але ні да якога броду я не пайшла, а кінулася ў халодную рэчку (гэта было 27 верасня) і паплыла. Калі пераплыла Сож, азірнулася на супрацьлеглы бераг. Убачыла, як гараць мой дом, пуня, убачыла бежанцаў з клумкамі, якія ішлі па тым беразе, але нікога не пазнала. Я бегла да лесу, плакала, падала на зямлю, узнімалася і ўпершыню ў жыцці хрысцілася. Я думала, усе мае родныя загінулі. Але, дабраўшыся да лесу, я даведалася, што яны жывыя. Сама ж я доўга хварэла, перанесла вялікі спалох і ўзрушэнне.
Іван Васільевіч:
– Была ў мяне афіцэрская шапка. Падабалася яна мне вельмі. Усе хлопцы мне зайздросцілі. Я знайшоў яе на чыгунцы, калі браняпоезд прайшоў, пасля бамбёж­кі. Бегаў я, бегаў у гэтай шапцы, ніхто нічога не казаў. А тут неяк выйшаў на вуліцу, а немец кліча: “Ком! Ком! Зольдат?” – злуецца. Я стаю, маўчу, напалохаўся. Немец схапіў шапку маю афіцэрскую і закінуў у агарод, у капусту да бабы Марфы. Вой і шмат вечароў я па капусце той лазіў, але так і не знайшоў сваю шапку.
А яшчэ помню, мы, чацвёра хлапчукоў, зімой пілавалі, секлі дровы і складвалі іх у доўгім школьным калідоры, дзе зараз жылі немцы. Некаторыя немцы ідуць часам міма і папросяць, каб прынеслі сухіх дроў. Прынясеш ахапак – пачастунак. Але асабліва быў адзін такі фрыц, што кожны дзень загадваў нам сухія дровы яму прыносіць. Аднаго разу прынес­лі мы яму дровы ўсе чацвёра. Ён траім даў па цукер­цы, а чацвёртаму – не. А хлопчык просіць: “Пан, пан, дай!”. А пан схапіў дравіну і гэтай дравінай яго, і пабіў балюча. Сеў хлопчык на снег і ­пла­ча. Я ўзяў, ды і пабег да галоўнага немца і кажу: “Мы, кін­дэр, дровы пілуем (рукой паказваю, як пілуем). А дойч зольдат біў кін­дэр. Там кіндэр плача (шмыгаю носам, паказваю, як плача)”. Немец зразумеў і кажа мне: “Ком, дойч зольдат”. Маўляў, пакажы таго салдата. Я яму паказаў. Тады наш галоўны паказвае рукой, каб ішлі дровы пілаваць. Пайшлі мы, а самі глядзім, што далей будзе. Ён прымусіў таго салдата па-пластунску поўзаць. А потым пасадзіў на гаўпвахту ў пакой на другім павер­се школы, дзе шкілеты знаходзіліся для навучання. А нам смеш­на, падышлі мы да дзвярэй таго пакойчыка: “Што, бом­-бом цап-цап? Што, за бом-­бом атрымаў шом­палам?” – смяёмся. (Бом-бом – гэта цукеркі па-нямецку, а мы колькі разоў бачылі, як гэты фрыц краў іх з возу, калі на кухню прывозілі). Больш ён нам не заказваў сухіх дроў прыносіць і ніякіх не прасіў. Сам прыдзе, возьме, надзьмецца, на нас не глядзіць.

Мікалай Пятровіч:
– Сабралі нас немцы, хлопцаў так дзесяць, можа, болей. Прывялі да чыгункі сачыць, каб партызаны не ўзрывалі. Мы павінны былі па ланцугу адзін аднаму, а потым немцам паведамляць, калі партызан убачым. Стаім мы, назіраем, бачым, што бліжэй да чыгуначнай будкі немцы з’явіліся. А таго не ведаем, што гэта партызаны ў нямецкай форме за вакзалам назіраюць, а яшчэ далей ад вакзала ўжо рвуць партызаны. Адзін хлопец пачуў, што падрываюць, пабег паведаміць. Падбягае да гэтых “немцаў”: “Пан! Пан! Партызан!”. А яны (у яго на галаве мяшок быў ад дажджу каўпачком) насунулі яму гэты мех на вочы і ў лужыну яго тыцнулі тварам разы два. Хлопец: “Хачу дамой…”.
А аднаго разу прыйшоў да нас у сад немец, а ў нас там пчол скрыня стая­ла. Немец насунуў мне на твар рэшата, даў у рукі кацялок і кажа: “Ком! Ком!” — і вядзе мяне да скрыні з пчоламі, маўляў, дастаць мёду. Сам ён пчол баіцца, стаў да плота і назірае. Толькі я адчыніў скрыню, пчолы як раззлаваліся – і мяне кусаць, і немца. Я адламіў трошкі сотаў і падаў немцу. Ён лізнуў: “Гут! Гут!”. А потым пчала як укусіць, адмахваецца, крычыць: “Не гут! Не гут!”. А мяне смех бярэ, і пчол паціху падвучваю: “Кусайце! Кусайце гада!”.

Вольга Андрэеўна:
– Памятаю, восенню гэта было позняй. Халаднеча, стынь страшэнная. Мы бегаем пад калючым дротам. А там, за дротам, немцы на дошках разбіраюць тушы кароў, цяляці, авечак. Мы просім: “Пан, дай!”. І вось ляцяць адтуль нам на галовы вантробы і страўнікі. Мы цягнем кож­ны да сябе гэтыя вантробы. Яны рвуцца, нас запырсквае. Але на гэта мы не звяртаем увагі, а спяшаемся паболей напхаць у свой мех. Калі ж крыху валтузня раз’юшанага нашага натоўпу аціхае, то кожны спяшаецца схапіць з сухога палыну кавалачкі застыўшага тлушчу, які начапіўся з вантробаў, пакуль мы іх цягалі туды-сюды.
Калючы холад, калючы дрот, кавалачкі тлушчу, крыкі дзяцей: “Пан, дай!”. Гэты жудасны малюнак часта ўсплывае ў маёй памяці і палохае вайной.
“Пан, дай!” – крычалі мы і бегаючы пад балконамі дамоў на пасёлку цэментнікаў, дзе жылі немцы. Іншы раз “паны” кідалі нам кавалкі шэрага хлеба, шалупінне ад апельсінаў, а аднойчы скінулі абрэзкі ад сыру. Я ніколі раней такі сыр не ела і не ведала, што гэта такое. Памятаю, кус­нула, пажавала – “Фу!” – і кінула ў пыл. Яшчэ пажавала – нічога, есці можна. Падабрала, пыл трошкі абцёрла падолам сукенкі і давай далей есці. А шалупін­не ад апельсінаў мы елі на ўсю моц, у ім мы ўжо толк ведалі.

Фёдар Іванавіч:
– А вось што мы з сябрукамі прыдумалі аднойчы. Зімой гэта было. Паехалі мы, чалавек пяць, у лес па дровы. Поўзаем па снезе, выбіраем галлё пасушэй ды патаўшчэй і складваем кожны на свае санкі. Раптам нехта крычыць: “Хлопцы, сюды!”. Збегліся мы і бачым: сярод хворасту два немцы забітыя пры поўным рыш­тунку і з аўтаматамі. Ну, мы, аўтаматы ўзялі. А потым нехта прапанаваў пастраляць. Але ў што? І прыдумалі. Паднялі мёрзлыя трупы немцаў, прыставілі іх да дрэваў і давай выпускаць абойму за абоймай, ды яшчэ з крыкамі:
– А-ну, гады, атрымай!
– За Радзіму!
– За Сталіна!
– За брата Кольку!
Крычалі хто-што, вырывалі аўтаматы адзін у аднаго. Апамяталіся, калі ўсе патроны скончыліся. І стала ціха і жудас­на, тым больш, што ўжо вечарэла. Дамой імчалі хутка, дроў так і не дабралі. Усю дарогу мы абганялі адзін аднаго: страш­на было ехаць апошнім.
У вайну яны былі падлеткамі, ім было страшна. Яны галадалі. Яны пакутвалі. Яны гінулі…
Успаміны гэтых ужо пажылых людзей запісала Ларыса Ашуркова.

Кричевская Жизнь (Новости)


© 2012 - 2020 Мстиславль info, All rights reserved.

Контакты для связи: mail@tcse-cms.com


Вернуться назад